Падрабязнасці выбуху, які прагрымеў 17 снежня мінулага года ў пяціпавярховіку на бульвары Шаўчэнкі ў Мінску, расказалі ў прэс-службе Следчага камітэта.
Трагедыя адбылася каля 3.00. У выніку аварыі загінулі 6 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Акрамя таго, два чалавекі і яшчэ дзіця атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.
Следчыя высветлілі, што выбух адбыўся ў выніку наўмысных дзеянняў двух жыхароў гэтага дома. Ноччу 17 снежня яны вылілі на падлогу ў кватэры больш за 10 літраў лёгкаўзгаральнай вадкасці і пашкодзілі газавае абсталяванне на кухні, чым стварылі выбуханебяспечную канцэнтрацыю газапаветранай сумесі. Пасля гэтага яны ініцыявалі ўзгаранне, што прывяло да выбуху, які пашкодзіў уваходныя дзверы ў памяшканне і разам з полымем распаўсюдзіўся па пад’ездзе. Сілы выбуховай хвалі хапіла, каб выбіць уваходныя дзверы ў яшчэ адну кватэру на іншым паверсе, дзе загінула сям’я з дзіцем. Акрамя таго, сярод жыхароў дома таксама былі пацярпелыя ў выніку атручання прадуктамі гарэння і абвальвання канструкцый.
«Следствам атрыманыя аб’ектыўныя дадзеныя пра тое, што намер мужчыны і яго жонкі, якія загінулі ў выніку выбуху, быў скіраваны на рэалізацыю групавога суіцыду», — паведамілі ў Следчым камітэце.
Следчыя прынялі рашэнне спыніць крымінальны пераслед у сувязі са смерцю вышэйзгаданых асобаў.
У снежні пра трагедыю пісала Tochka.by. Жыхары дома расказалі выданню, што загінулая пара — пенсіянеры, дзяцей у іх не было. У жанчыны была група інваліднасці, у мужчыны — анкалогія.
— Ён (загінулы пенсіянер. — Заўв. рэд.) даў дароўную сваёй пляменніцы, каб іх дагледзела, а яна іх пачала з хаты выганяць, — расказала суседка.
Жанчына дадала, што загінулы мужчына ў нейкі момант не вытрымаў і прыгразіў вырашыць кватэрнае пытанне па-свойму. Паводле яе словаў, ён сказаў: «Я зраблю так, што не дастанецца (кватэра. — Заўв. рэд.) нікому».