Жыхарка Віцебска выправіла дату ў бальнічным і прынесла яго на працу. Дакумент выклікаў падазрэнне ў аддзела кадраў, у выніку яго адправілі ў міліцыю, паведамляецца на сайце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ).

Бальнічны перадалі судэкспертам, якія высветлілі, што дата выхаду на працу была выпраўленая.
«У выніку лічба шэсць змененая на лічбу восем. Следчыя распачалі крымінальную справу», — расказалі ў ДКСЭ.
Судовыя эксперты дадалі, што часта атрымліваюць такія дакументы з прыкметамі падчысткі, дапісвання, вывядзення і іншых варыянтаў падробкі, аднак іх лёгка распазнаць, і нагадалі, што адказнасць за такія дзеянні можа быць вельмі сур’ёзнай.