У нямецкім горадзе Дэтынген-на-Эрмсе, зямля Бадэн-Вюртэмберг, затрымалі 23-гадовага беларуса і 26-гадовага паляка, якія падазраюцца ў крадзяжах, учыненых у складзе групы, піша «Беларусь и мир» са спасылкай на паведамленне паліцыі.
Пільны сведка заўважыў, што двое мужчын некалькі дзён з’язджалі на машыне, а вярнуўшыся ўвечары, падазрона заносілі і пакідалі торбы ў кватэры, якую, відаць, арандавалі зусім нядаўна. Калі ў суботу раніцай яны зноў загрузілі такія торбы ў аўтамабіль з польскімі нумарамі, сведка паведаміў пра тое, што адбываецца, праваахоўнікам.
Падчас праверкі вартавыя парадку знайшлі ў названай машыне разнастайныя першакласныя алкагольныя напоі, электратавары і будаўнічыя тавары ў арыгінальнай ўпакоўцы. Акрамя таго, былі гатовыя да пагрузкі два высакаякасныя электраровары са знятымі пярэднімі коламі. Агульны кошт канфіскаванага і, як мяркуецца, скрадзенага, тавару ацэнены не менш чым на 25 тысяч еўра.
Расследаванне што да паходжання канфіскаваных рэчаў працягваецца. Паводле папярэдняй версіі, затрыманыя могуць быць датычныя да некалькіх злачынстваў, звязаных з крадзяжамі ў розных рэгіёнах краіны. У некаторых выпадках іх падчас здзяйснення злачынства суправаджалі няпоўнагадовыя.
Падазраваныя змешчаныя пад варту. А 14-гадовага і дваіх 13-гадовых дзяцей, якіх затрымалі разам з імі, перадалі пад апеку цэнтра дапамогі няпоўнагадовым.