У Беларусь 3 кастрычніка з поўдня заляцелі тры расійскія ўдарныя дроны тыпу «Шахед», два з іх рухаюцца ў бок Гомеля. Адначасова паўднёвым курсам ідзе і верталёт Аляксандра Лукашэнкі, піша маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Паводле звестак сэрвісаў «єРадар» і monitor, каля 12.55 тры «Шахеды» заляцелі з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў напрамку Гомельскай вобласці Беларусі.
Два з іх перасеклі мяжу ў раёне Новай Гуты і рухаюцца курсам на Гомель, яшчэ адзін зайшоў у раёне Лоева і рухаецца ў кірунку Хойнікаў, піша «Гаюн».
Паводле інфармацыі праекта, у небе над Беларуссю проста цяпер знаходзіцца і верталёт з Аляксандрам Лукашэнкам, які кіруецца паўднёвым курсам з рэзідэнцыі «Азёрны» на паўночнай ускраіне Астрашыцкага Гарадка. Паводле папярэдніх звестак, верталёт ляціць у Мікашэвічы на Брэстчыне.
Тым часам папулярны ва Украіне неафіцыйны тэлеграм-канал, які папярэджвае пра паветраныя атакі, параіў жыхарам Гомеля ісці ў хованкі.