Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня падпісаў указ пра звальненне ў запас і прызыў на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве, паведаміла прэс-служба палітыка.
Дакумент прадугледжвае прызыў у верасні-лістападзе 2024 года на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім на дзень прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.
«Прыняцце ўказа дазволіць рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам своечасова правесці мерапрыемствы па прызыве грамадзян на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве», — паведамілі ў прэс-службе.
Адначасова ўказ прадугледжвае звальненне ў запас вайскоўцаў тэрміновай службы, якія адслужылі акрэсленыя тэрміны.