Тэмы «мяккай сілы», культурнай экспансіі і чысціні роднай мовы падняў Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», а таксама спецыяльных прэмій дзеячам культуры, мастацтва і спорту.
Выступ Лукашэнкі быў падзелены на дзве часткі. У першай, якую палітык прамовіў па-руску, ён расказваў пра дзяржаўнасць, мір, подзвіг народа-працаўніка, які адрадзіў «абпаленую агнём вайны родную зямлю», і важнасць захавання нацыянальнай культуры і традыцый.
— Мы таксама ўсведамляем, што наш прыклад — гэта рэальны выклік праекту глабальнай уніфікацыі пад ультрамодныя каштоўнасці і так званыя Трэнды, навязаныя ўсяму свету. Разумеем, што за гэтай культурнай экспансіяй — як яе яшчэ называюць, «мяккай» — ідуць зусім не мяккія, я б нават сказаў, вельмі жорсткія для незалежных дзяржаваў наступствы: страта дзяржаўнасці і суверэнітэту. Страта сябе як народа. Таму варта памятаць, што ад таго, як мы беражом чысціню роднай мовы, якія святы і сімвалы пускаем у свой дом, залежыць будучыня нашых дзяцей, — сказаў Лукашэнка па-руску (цытата паводле прэс-службы).
Ён падкрэсліў, што неабходна адрозніваць «родныя традыцыі ад чужародных» і захоўваць «духоўныя вытокі».
Потым Лукашэнка перайшоў на беларускую мову. Гэтая частка яго прамовы была прысвечаная работнікам культуры.
— Сваімі духоўнымі, творчымі і прафесійнымі дасягненнямі вы ствараеце будучыню нашай Беларусі. Шчыра ганаруся вамі і ад усёй душы ўдзячны за вашу працу. (…) Рэалізуючы сацыяльна значныя культурныя і адукацыйныя праекты, вы дапамагаеце зберагчы гістарычную праўду і спрадвечную спадчыну беларускага народа, — сказаў Лукашэнка (цытата паводле прэс-службы).
Пад канец Лукашэнка пажадаў усім міру, дабра, здароўя, творчых поспехаў і спартыўных перамог.
Нагадаем, год таму Лукашэнка падымаў тэму беларускай мовы. На сустрэчы з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук ён сказаў, што «беларуская мова — гэта тое, што адрознівае нас ад астатніх», таму трэба «падумаць над тым», як зрабіць так, каб кожны беларус ведаў сваю мову. Аднак ніякіх канкрэтных дзеянняў пасля гэтага не было. Раней мы падрабязна расказвалі за апошнія 16 гадоў зменшылася колькасць школьнікаў, што вучацца на роднай мове.