Адзін з затрыманых у Івацэвічах 17 чэрвеня расіян можа быць вайскоўцам расійскай арміі. «Люстэрка» адшукала ў сацыяльных сетках вельмі падобнага мужчыну з такімі самымі імем, імем па бацьку і прозвішчам, якімі называўся той, хто трапіў на відэа. На яго старонцы адзначана, што ў красавіку 2023 года ён заключыў кантракт з Мінабароны РФ на два гады. Падраздзяленне, у якім ён служыць, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Адзін з расіян, затрыманых суботнім вечарам ля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым.
Мы знайшлі ў сацсетках вонкава вельмі падобнага чалавека з такімі імем, прозвішчам і імем па бацьку. Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбурга (нагадаем, што аўтамабіль затрыманых, мяркуючы па нумарах, зарэгістраваны ў Ленінградскай вобласці, у цэнтры якой знаходзіцца гэты горад).
28 красавіка 2023 года Аляксандр Быкаў падпісаў кантракт на два гады пра праходжанне вайсковай службы з расійскім Міністэрствам абароны.
Пасля гэтага шарагоўца запасу Быкава залічылі стралком у батальён 283-га палка 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэтае злучэнне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі.

Вядома, што 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расійскай групоўкі войскаў. Імаверна, падраздзяленне Аляксандра Быкава знаходзіцца непадалёк ад Івацэвічаў, на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну навучаюцца часткі расійскага кампанента рэгіянальнай групоўкі.
Як лічыць украінскі бок, пасля навучання на тэрыторыі Беларусі расійскія падраздзяленні вяртаюцца ў Расію і адтуль адпраўляюцца на вайну.
Чытайце таксама