Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын прапанаваў паглядзець на рэжым працы дзіцячых садкоў і падладзіцца пад бацькоў, паведамляе яго прэс-служба.
«Баланс працоўных і сямейных абавязкаў, стварэнне максімальна камфортных умоваў для рэалізацыі сябе і ў кар’еры, і ў ганаровым статусе мамы — адна з прыярытэтных задач. Мы далі жанчыне магчымасць працаваць няпоўны працоўны час, па гнуткім графіку або дыстанцыйна, напрыклад дома. Цяпер вы можаце зарабляць і вырашаць хатнія справы, не марнуючы час на дарогу ў офіс. І гэта толькі пачатак. Трэба паглядзець на рэжым працы дзіцячых садкоў і падладзіцца пад бацькоў. І падчас навучання ў школе, асабліва пачатковай, вы павінныя быць упэўненыя, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць неабходнасць», — сказаў палітык.
Ён таксама заклікаў памятаць, што «сапраўднае прызначэнне жанчыны на зямлі — мацярынства».
«Якія б там ні былі ружовыя, рознакаляровыя і іншыя на Захадзе, акрамя жанчыны, сапраўднага спадчынніка для нас нарадзіць ніхто не зможа. Жанчына-маці — захавальніца не толькі сямейнага ачага, але і традыцыйных асноваў нашага грамадства. Выхоўваючы дзяцей патрыётамі, вы ўмацоўваеце дзяржаву, закладваеце надзейны падмурак будучыні нашай Беларусі. Таму нараджайце, гадуйце, беражыце нашых дзяцей, а мір і дастатак мы пастараемся, мы абавязаныя вам забяспечыць», — заявіў Лукашэнка.
Палітык дадаў, што пры любых умовах дзяржава і далей будзе падтрымліваць мацярынства і дзяцінства.
«Ведаю, усіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і далей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. Вы правільна адчуваеце сутнасць гэтага пытання — гэта вельмі нятанная справа. Мы самая-самая сацыяльная дзяржава. У нас, напэўна, не дзясяткі, а сотні льгот для насельніцтва, і перш за ўсё для жанчын. Сямейны капітал — гэта мільёны даляраў. Таму вы тонка адчуваеце: а ці вытрымае дзяржава, ці зможа яна? Асмельваюся запэўніць, пры любых умовах і абставінах нашая дзяржава будзе несці гэтую нагрузку. У поўным аб’ёме і, калі трэба, за межамі гэтых аб’ёмаў. Будуць выплачвацца з тэндэнцыяй да росту дзіцячыя дапамогі, ніхто не замахваецца на адпачынкі па доглядзе дзіцяці, мы адшукаем патрэбныя сродкі, каб дзіцячая медыцына ішла ў нагу з сусветнай (мы блізкія да гэтага), а дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры былі ўзорам для пераймання», — падсумаваў Лукашэнка.