«Пакаяльнае» відэа са спеваком Сашам Нэма апублікаваў 6 чэрвеня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Сілавікі заявілі, што музыка «сам прыйшоў у міліцыю і папрасіў даць яму магчымасць выбачыцца за свае дзеянні ў 2020-м». Ці так гэта насамрэч — невядома.
— У 2020 годзе нашая краіна перажыла вялікія ўзрушэнні. <…> 16 жніўня 2020 года я таксама ўдзельнічаў у мітынгах, у чым вельмі моцна раскайваюся. Гэта глабальна паўплывала на маю кар’еру, — прымусілі сказаць на камеру Сашу Нэма.
Які працэсуальны статус спевака і ці знаходзіцца ён на волі ў гэты момант, набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал не ўдакладняе. Пасля публікацыі інфармацыі пра Сашу Нэма ў СМІ прапагандысты апублікавалі яшчэ адно відэа. У роліку спявак з аўтамабіля кажа, што ў яго «ўсё добра». Ён пацвердзіў, што «быў у ГУБАЗ» і «гэта была вельмі складаная размова з паказаннямі». Такое ж відэа раней было апублікаванае ў сторыс у Нэма ў Instagram.
Нагадаем, сілавікі праводзяць аблаву на нелаяльных кіраўнікоў і супрацоўнікаў святочных агенцтваў Беларусі. Раней былі затрыманыя прадстаўнікі ТАА «АП Ивент», «Графимил», ААТ «Ивент-Кафе», «Розовой зебры», а таксама дыджэі і вядоўцы.
Чытайце таксама