Зацішша на франтах расійска-ўкраінскай вайны, якое ўсталявалася пасля паспяховых наступаў УСУ на Харкаўскім і Херсонскім кірунках, а таксама пад Ліманам, здаецца, заканчваецца. Расійскі бок раз за разам заяўляе пра распачаты наступ УСУ і расказвае пра «бітву за Херсон», хоць самой бітвы яшчэ, падобна, няма. Разбіраем абстаноўку на фронце.
Што вядома пра сітуацыю ў раёне Херсона
Херсонскі кірунак разглядаецца як ці не самы перспектыўны для наступу УСУ з лета, калі ва Украіны з’явіліся РСЗА HIMARS. Расійскія войскі, якія ўзялі Херсон у пачатку вясны, сканцэнтраваныя на плацдарме на правым, высокім, беразе Дняпра, займаючы тут пазіцыі на ўсход, поўнач і захад ад горада.
Прыбыццё на фронт «Хаймарсаў» дазволіла ўкраінцам узяць пад агнявы кантроль (то-бок мець магчымасць пастаянна і беспакарана абстрэльваць) тры масты праз Днепр — Антонаўскі чыгуначны, Антонаўскі аўтамабільны і пераправу ля Кахоўскай ГЭС. Паўднёвая расійская групоўка ў плане забеспячэння завязаная на Крым, і іншай сувязі з базай, акрамя гэтых трох мастоў, у войскаў на правым беразе няма. Узвядзенне паромных пераправаў цалкам праблему не вырашае, бо яны таксама падвяргаюцца ўдарам высокадакладных ракет.
Пашкодзіўшы ўсе шляхі камунікацыі ўдарамі HIMARS (гэта метадычна рабілася з 19 ліпеня), украінцы дамагліся сітуацыі, калі групоўку на правым беразе хоць і не немагчыма, але вельмі цяжка забяспечваць з Крыма.
Паспрабаваць прыціснуць групоўку расійскіх войскаў да Дняпра і знішчыць або прымусіць капітуляваць ці эвакуявацца для УСУ здаецца найбольш лагічным рашэннем. Аднак наступаць тут няпроста — рэльеф мясцовасці не спрыяе задзейнічанню буйных мас тэхнікі (шмат арашальных каналаў, пераправіць праз якія баявыя машыны няпроста), а роўны стэп не дае магчымасці наступаць цішком.
УСУ вядуць наступ на Херсон з лета — аднак да другой паловы верасня прасоўванне на паўднёвым фронце для ўкраінскіх войскаў было вельмі абмежаваным. Прарываў фронту і хуткіх наступаў не было. Дзе-нідзе расійскае войска ўдавалася адціснуць, у іншых месцах бітвы за адзін населены пункт вяліся месяцамі — як за Давыдаў Брод, дзе ўкраінцы спрабавалі прарвацца на поўдзень.
Змянілася ўсё толькі 2 кастрычніка — у гэты дзень украінскія войскі нанеслі ўдар з боку Запарожскай вобласці, і абарона расіян не вытрымала. Прарваўшы фронт, УСУ змусілі праціўніка адступіць на поўдзень і захад, пакінуўшы не толькі тэрыторыю, дзе адбыўся сам прарыў (ад Залатой Бэлькі ўздоўж Дняпра да Дудчан), але і Давыдаў Брод, які аказаўся пад пагрозай акружэння.
Лінія фронту скарацілася (што дазваляе расіянам займаць яе меншымі сіламі), аднак наблізілася з паўночнага ўсходу да Херсона і — што не менш важна — да Берыслава, кантроль над якім азначае кантроль над Кахоўскай ГЭС і пераправай праз яе. Без гэтага моста ў Расіі застануцца толькі два Антонаўскія масты праз Днепр — аўтамабільны і чыгуначны.
15 кастрычніка ў прарасійскіх тэлеграм-каналах пачалі з’яўляцца паведамленні пра распачаты новы наступ УСУ на Херсон. Рэпарцёр ВГТРК Аляксандр Сладкоў напісаў 15 кастрычніка, што для ўдару тут украінскае камандаванне сабрала велізарныя сілы — ад 30 да 60 тысяч чалавек (зрэшты, за прамінулы з таго моманту час ніякіх пацверджанняў гэтых лічбаў ні ад аднаго з бакоў не паступіла). Іншыя ваенкары згадвалі, што наступ суправаджаецца масіраваным агнём РСЗА HIMARS і падтрымліваецца штурмавой авіяцыяй.
Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыл Страмавусаў таксама паведаміў 15 кастрычніка пра распачаты пад Дудчанамі наступ на Берыслаў, заявіўшы, праўда, што сітуацыя пад кантролем.
Украінскі бок пра наступ на Херсон 15 кастрычніка нічога не паведамляў — ні афіцыйныя асобы, ні СМІ, ні найбольш вядомыя тэлеграм-каналы.
У далейшым інфармацыя пра тое, што ўкраінцы наступаюць, перастала з’яўляцца і ў прарасійскіх каналах — у зводках з расійскага боку паведамлялася толькі пра артылерыйскія перастрэлкі.
Аднак 18 кастрычніка Страмавусаў заявіў, што «хутка пачнецца бітва за Херсон», і заклікаў жыхароў эвакуявацца, каб не стаць ахвярамі баявых дзеянняў. 19 кастрычніка ён жа паведаміў, што УСУ пачалі наступаць — зноў у кірунку Берыслава, сіламі ў два батальёны.
Дзіўная эвакуацыя і «няпростыя рашэнні» генерала Суравікіна
Паралельна з заявамі пра наступ УСУ, які ці то пачынаецца, ці то не, прынамсі частка жыхароў Херсона і правабярэжжа Дняпра, што знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, заклікалі эвакуявацца. Пры гэтым усеагульнай эвакуацыі не абвяшчалася, і працэдура праходзіць досыць дзіўна.
Спачатку яшчэ 13 кастрычніка выканаўца абавязкаў кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі акупаванай Расіяй часткі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда папрасіў ва ўладаў Расіі спрыяння ў выездзе людзей з Херсона «для адпачынку і навучання». 18 кастрычніка расійскі віцэ-прэм'ер Марат Хуснулін заявіў, што жыхарам Херсоншчыны, якія з’ехалі ў Расію, вылучаць жыллёвыя сертыфікаты на куплю нерухомасці ўзамен страчанай.
19 кастрычніка Сальда паведаміў, што перамясціць на левы бераг плануецца 50−60 тысяч чалавек, а ўезд у правабярэжную частку Херсона закрываецца на сем дзён. Эвакуацыя, заявіў ён, закране жыхароў Берыслаўскага, Белазёрскага, Снігіроўскага і Аляксандраўскага муніцыпалітэтаў — гэта раёны на ўсход і на паўночны захад ад сталіцы рэгіёна.
Неабходнасць выезду кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі рэгіёна абгрунтаваў тым, што УСУ нібыта збіраюцца падарваць плаціну Кахоўскай ГЭС, выклікаўшы затапленне на правым беразе Дняпра (хоць у такім выпадку затапленне закранула б у першую чаргу жыхароў левага берага — правы вышэйшы). У гэты ж дзень, 19 кастрычніка, жыхароў пачалі вывозіць ужо з самога Херсона. У горадзе рассылаюць смс і раздаюць улёткі пра эвакуацыю на левы бераг.
18 кастрычніка камандуючы расійскімі войскамі, якія ўдзельнічаюць у «спецаперацыі», генерал арміі Сяргей Суравікін падчас інтэрв'ю каналу «Россия-24» заявіў пра «няпростую сітуацыю», якая склалася на Херсонскім кірунку. Ён расказаў, што расійскае войска забяспечыць выезд насельніцтва з правабярэжжа, а далейшыя планы і дзеянні ў дачыненні да самога Херсона будуць «залежаць ад наяўнай ваенна-тактычнай сітуацыі». Суравікін дадаў, што магчымае прыняцце «няпростых рашэнняў».
Ці будзе расійскае войска ўтрымліваць Херсон або канчаткова сыходзіць з горада разам з насельніцтвам?
Цяпер гаварыць пра тое, што Расія прыняла рашэнне аддаць Херсон і адысці на левы бераг Дняпра, безумоўна, рана. Абвешчаная эвакуацыя жыхароў правабярэжжа, хутчэй за ўсё, закране меншасць насельніцтва. Уладзімір Сальда гаварыў пра 50−60 тысяч чалавек, якія трэба будзе вывезці на левы бераг за шэсць дзён — аднак насельніцтва Херсона да вайны складала каля 300 тысяч чалавек, не лічачы вобласці. Нягледзячы на тое, што пасля 24 лютага многія жыхары пакінулі горад, гаворка ўсё роўна ідзе пра сотні тысяч чалавек. Вывезці ўсіх у разумныя тэрміны і забяспечыць жыллём у іншых гарадах будзе неверагодна цяжка.
Зрэшты, цалкам магчыма, што эвакуацыя насельніцтва цяпер з’яўляецца своеасаблівай «дэкларацыяй аб намерах», цалкам выконваць якую ніхто не збіраецца. Незадоўга да вайны самаабвешчаныя ДНР і ЛНР таксама абвясцілі пра эвакуацыю цывільных — але пасля 24 лютага мерапрыемствы па вывазе людзей так ніколі і не ажыццявілі цалкам (хоць на Данбасе фронт, асабліва ў першы перыяд вайны, амаль не рухаўся, і зберагчы цывільнае насельніцтва ад жахаў вайны было б гэтак жа лагічна).
Падчас імклівага вераснёўскага наступу УСУ на Харкаўшчыну і вакол Лімана Расія не абвяшчала пра вываз цывільных — магчыма, цяпер акупацыйныя ўлады імкнуцца паказаць, што сітуацыя не паўторыцца, а пра людзей паклапоцяцца.
І ўсё ж здача горада хутчэй імаверная, чым не: з ваеннага пункту гледжання, як мы ўжо пісалі, горад уяўляе сабой «чамадан без ручкі», несці які цяжка, а кінуць шкада. Як плацдарм для амаль неверагоднага наступу Расіі на Адэсу або Нікалаеў Херсон з яго моцна пашкоджанымі мастамі праз Днепр вельмі кепскі (тым, хто наступае, трэба шмат боепрыпасаў, ГЗМ, харчавання, і ўсё гэта трэба ў велізарных колькасцях перакідваць праз шырокую раку без нармальных пераправаў).
Абараняць правабярэжжа азначае ва ўмовах агнявога ўздзеяння УСУ забяспечваць і войска, якое сядзіць у акопах, і значнае грамадзянскае насельніцтва (то-бок камандаванню заўсёды давядзецца рабіць выбар паміж забеспячэннем вайскоўцаў і мірных жыхароў). Так што ў пакіданні Херсона расійскага войска з пункту гледжання тактыкі нічога крамольнага няма. Аднак гэта будзе чарговым моцным ударам па прэстыжы Расіі і асабіста Уладзіміра Пуціна. Хуткі захоп гэтага горада ў пачатку вайны стаў, мабыць, галоўным поспехам Узброеных сіл РФ за ўвесь час канфлікту.
Наўрад ці для расійскага прэзідэнта будзе прымальна проста так узяць і пакінуць свой самы каштоўны набытак. Таму вайсковае камандаванне РФ будзе як мінімум рабіць усё, каб паказаць, што гэтым разам усё сур’ёзна і войскі не збіраюцца здаваць горад без бою.
Гэтым, дарэчы, можна растлумачыць і той факт, што пра «надыход УСУ» раз за разам паведамляюць расійскія крыніцы і афіцыйныя асобы. З боку можа падацца, што войска Расіі ўжо амаль тыдзень змагаецца, трымаючы плацдармы, — так што магчымае будучае адступленне з Херсона можна будзе падаць як адзінае выйсце пасля жорсткага супраціву.
Існуе нават версія, што медыйная вядомасць генерала Сяргея Суравікіна невыпадковая, і яго асабістая заява пра магчымыя «няпростыя рашэнні» падчас здачы Херсона можа стаць прычынай абвінавачвання генерала ў чарговым адступленні (падобна як генерал Аляксандр Лебедзь, які зрабіўся прыкметнай медыйнай і палітычнай фігурай летам 1996 года, неўзабаве падпісаў з Чачнёй Хасавюртаўскія пагадненні, якія шмат хто ў Расіі лічыць ганебнымі).
Пры гэтым эвакуацыя наўрад ці можа лічыцца паказчыкам таго, што расійскае войска не збіраецца і далей трымаць правабярэжжа. Словы Суравікіна пра «няпростыя рашэнні» цалкам могуць азначаць, напрыклад, выкарыстанне цывільных асобаў для ўмацавання абароны горада — паўнамоцтвы для гэтага ў вайсковых уладаў з’явіліся пасля таго, як Уладзімір Пуцін абвясціў ваеннае становішча ў тым ліку ў Херсонскай вобласці.
Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец адзначаў, што расійскае войска актыўна перакідвае падмацаванні на Берыслаўскі кірунак з намерам утрымаць тут фронт. Недахоп асабістага складу ў Расіі паступова выпраўляе мабілізацыя (хоць новыя кантынгенты амаль не навучаныя, з часам іх можна вывучыць — ці перакінуць на правы бераг кадравыя часткі, вызваленыя на больш спакойных участках фронту пасля замены іх «мобікамі»). Паводле словаў Машаўца, групоўка на правым беразе Дняпра папаўняецца і кадравымі вайскоўцамі, і мабілізаванымі, якіх вучаць проста на месцы.
Ці здолеюць расійскія часткі нават пры папаўненні жывой сілай утрымаць фронт, невядома. Трохі папоўніўшы нястачу ў асабістым складзе, войска РФ наўрад ці пазбавілася іншых сваіх недахопаў у выглядзе звышцэнтралізаванасці (і, як вынік, павольных рашэнняў), слабой лагістыкі і сувязі. Да гэтага можна дадаць (акрамя разбітых мастоў праз Днепр) зніжэнне агульнага ўзроўню падрыхтоўкі асабістага складу за кошт улівання ў яго ненавучаных мабілізаваных — нагадаем, з пачатку масавага прызыву прайшоў усяго месяц.
Вядома, у Расіі застаецца «апошні аргумент» у выглядзе тактычнай ядзернай зброі — аднак выкарыстанне ЯЗ для ўтрымання горада, які амаль немагчыма забяспечваць, адносіцца хутчэй да сферы ірацыянальнага, прагназаваць тут што-небудзь складана.
Адкрытым застаецца пытанне, ці сапраўды пачалося новае маштабнае наступленне УСУ на Херсон. Пакуль наяўная інфармацыя не дазваляе дакладна адказаць на гэтае пытанне «так». Імаверна, сапраўдны ўдар УСУ адбудзецца праз некалькі дзён, якія і вырашаць, будзе горад вызвалены або пакуль застанецца за Расіяй.
Чытайце таксама


