У Мінпрацы прызналі, што некаторыя беларусы неўзабаве могуць часова застацца без пенсій і дапамог на дзяцей. Прычына — новаўвядзенне ад уладаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі з 1 ліпеня запрацуе новаўвядзенне па выплаце пенсій і дапамог на дзяцей — улады пашыраць спіс тых, хто будзе атрымліваць іх толькі праз банкі. Для гэтага трэба адкрыць спецыяльныя базавыя рахункі. У Мінпрацы 29 траўня на прэс-канферэнцыі заявілі, што тым, хто не будзе мець іх да 10 чэрвеня, перастануць выплачваць пенсіі і дапамогі. Альтэрнатыўнага варыянту атрыманню гэтых грошай без адкрыцця рахунку ў банку няма.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: zerkalo.io
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Люстэрка»

Якое змяненне ўвядуць

З 1 ліпеня многіх беларусаў перавядуць на атрыманне пенсій і дапамог на дзяцей праз банкі. Гэта закранае жыхароў Мінска, а таксама гарадоў абласнога падпарадкавання і райцэнтраў. Выбраць фінустанову, праз якую будзеш атрымліваць гэтыя сродкі, можна самастойна. Нагадаем, цяпер беларусы на свой выбар могуць атрымліваць пенсіі і дапамогі на дзяцей праз пошту ці банкі. Па-ранейшаму атрымліваць пенсіі праз пошту змогуць беларусы, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды I і II групы, а таксама жыхары вясковай мясцовасці.

Што да дапамог на дзяцей, то магчымасць атрымліваць іх праз пошту пакінулі за інвалідамі I і II групы, а таксама за сем’ямі, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў. Жыхары вясковай мясцовасці таксама па-ранейшаму змогуць атрымліваць дапамогі на дзяцей праз пошту.

Каб з ліпеня атрымліваць пенсію ці дапамогі ў банку, трэба да 10 чэрвеня адкрыць базавы рахунак у адной з фінустановаў. Гэта могуць быць «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Банк БелВЭБ», «Белгазпрамбанк», «Белінвестбанк», «Банк Дабрабыт», «Прыёрбанк» або «Сбер Банк». Пры гэтым можна выбраць атрыманне наяўных у касе банка або па банкаўскай картцы.

Што кажуць у Мінпрацы

— Грамадзянам неабходна (да 10 чэрвеня. — Заўв. рэд.) звярнуцца ў банкі і адкрыць базавыя рахункі, каб была бесперапынная пенсія, — заявіла падчас прэс-канферэнцыі 29 траўня начальнік галоўнага пенсійнага ўпраўлення Мінпрацы Алена Гомарава і яшчэ раз паўтарыла: — Рэкамендуем звярнуцца ў банкі для бесперапыннага атрымання пенсій (па дапамогах на дзяцей такая ж сітуацыя. — Заўв. рэд.).

Падчас прэс-канферэнцыі падсумавалі: тым, хто гэтага не зробіць, не будуць выплачваць пенсіі і дапамогі на дзяцей, пакуль яны ўсё ж не адкрыюць базавыя рахункі. Альтэрнатыўнага варыянту атрымання гэтых сродкаў няма.

Чытайце таксама